Гэтае рашэньне было прынята на запыт кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі і ўступіла ў сілу адразу.
У абгрунтаваньні рашэньня пазначана, што Аляксандар Машэнскі моцна зьвязаны з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэтая сувязь асабістая, арганізацыйная, эканамічная і палітычная. Такім чынам, ягоная дзейнасьць ацэньваецца і як ускосная падтрымка вайны Расеі супраць Украіны.
За што Польшча ўвяла санкцыі супраць Машэнскага
- Машэнскі — уладальнік вядомых беларускіх кампаніяў «Санта Брэмар», «Савушкін прадукт» і «Санта Рытэйл», — гаворыцца ў дакумэнце.
- Ягоныя кампаніі атрымліваюць падатковыя льготы і мытныя прывілеі ў свабоднай эканамічнай зоне ў Берасьці.
- «Санта Брэмар» мела спэцыяльную ліцэнзію на імпарт рыбы ад адміністрацыі прэзыдэнта.
- «Савушкін прадукт» атрымаў кантроль над сыравіннай базай з 92 гаспадарак.
- Сам Аляксандар Лукашэнка асабіста дапамагаў Машэнскаму прасоўваць ягоны бізнэс на расейскім рынку.
- Машэнскі адкрыта падтрымліваў Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах у 2010 і 2020 гадах.
- Ён таксама быў сярод запрошаных на «таемную інаўгурацыю» Лукашэнкі пасьля выбараў 2020 году.
- У 2013 годзе Лукашэнка ўзнагародзіў яго ордэнам Айчыны III ступені.
- Машэнскі ўваходзіць у цэнтральную раду Прэзыдэнцкага спартовага клюбу, якім кіруе Дзьмітры Лукашэнка, сын прэзыдэнта.
- Таксама ён узначальвае Фэдэрацыю веславаньня, 90% бюджэту якой фінансуецца коштам ягоных прадпрыемстваў.
- За мінулыя дзесяць гадоў Машэнскі больш як 30 разоў карыстаўся дзяржаўнымі самалётамі беларускага ўраду для міжнародных паездак.
Якія меры ўведзеныя
- Усе грошы і эканамічныя актывы Аляксандра Машэнскага ў Польшчы замарожаныя.
- Забаронена перадаваць яму любыя фінансавыя сродкі або рэсурсы.
- Ён ня можа ўдзельнічаць у польскіх дзяржаўных закупках і конкурсах.
- Яго імя ўнесена ў сьпіс іншаземцаў, якім забаронены ўезд і знаходжаньне на тэрыторыі Польшчы.
Што вядома пра Аляксандра Машэнскага
Ён адзін з найбуйнейшых бізнэсоўцаў у Беларусі. Акрамя «Санта Брэмар» і «Савушкін прадукт», ён валодае сеткай «Санта Рытэйл», кампаніяй «Рускае мора» і іншымі актывамі.
У 2022 годзе Машэнскі жыў і працаваў у Варшаве з дазволу польскіх уладаў. Пра гэта паведамляў польскі тэлеканал TVN. У рэпартажы сьцьвярджалася, што ён здымае кватэру ў польскай сталіцы, вядзе там бізнэс і свабодна езьдзіць паміж Польшчай і Беларусьсю. Паводле польскіх журналістаў, ён карыстаўся «Мэрсэдэсам» з чырвонымі консульскімі нумарамі.
Машэнскі баяўся трапіць пад санкцыі, але больш за 10 гадоў рэжым Лукашэнкі дапамагаў яму гэтага ўнікнуць, адзначаў TVN. Раней ад санкцыяў яго ратавалі ісьляндзкія палітыкі (Машэнскі ў сярэдзіне 2000-х стаў ганаровым консулам Ісьляндыі). У 2022 годзе ўключэньне яго ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу заблякавала Вугоршчына.
У жніўні 2022 году ва Ўкраіне арыштавалі актывы кампаніі «Санта Холод Україна». Гэтай кампаніяй валодае Яна Машэнская, дачка Аляксандра Машэнскага.
У 2025 годзе выданьне «Беларусы і рынак» паставіла Машэнскага на другую пазыцыю ў рэйтынгу самых пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі. Ягоны малочны бізнэс — трэці паводле продажаў у Расеі і Беларусі, ён уваходзіць у топ-50 замежных бізнэсаў у Расеі паводле Forbes.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саўладальніка алейнага холдынгу Луцэнку другі год запар назвалі самым пасьпяховым бізнэсоўцам Беларусі