Ад шторму ў Магілёве загінула жанчына, 60 населеных пунктаў на Віцебшчыне і Магілёўшчыне засталіся без электрычнасьці

Наступствы шторму ў Магілёве. 10 ліпеня 2025 году

Навальніца і шквалісты вецер, якія абрынуліся на Беларусь у ноч на 10 ліпеня, прывялі да масавых адключэньняў электраэнэргіі пераважна ў Віцебскай і Магілёўскай вобласьцях, у тым ліку ў горадзе Магілёве.

Пра наступствы стыхіі інфармуе Міністэрства энэргетыкі Беларусі:

«На 06:00 аварыйна-аднаўленчыя брыгады працуюць над аднаўленьнем электразабесьпячэньня ў больш як 60 населеных пунктах. Для больш апэратыўнай ліквідацыі наступстваў непагадзі ў дапамогу накіраваныя брыгады прадпрыемстваў „Менскэнэрга“ і „Гомельэнэрга“».

Дызэль-генэратарныя ўстаноўкі накіраваныя ў рэгіёны для часовага электразабесьпячэньня спажыўцоў, — пішуць энэргетыкі ў сваім тэлеграм-канале і сьцвярджаюць, што «сытуацыя знаходзіцца пад кантролем Мінэнэрга».

У Магілёве «ў выніку падзеньня дрэваў» загінула жанчына 1992 году нараджэньня, паведамляе Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

Ад паваленых дрэваў пацярпелі яшчэ чатыры чалавекі, у іх ліку падлетак 2010 г. н., яны шпіталізаваныя.

Да гібелі жанчыны ў Магілёве 10 ліпеня прывяло падзеньне дрэва падчас непагадзі, гэта адбылося каля 2-й гадзіны ночы на рацэ Дняпры, паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі.

Паводле інфармацыі ведамства, 32-гадовая жанчына разам з мужам напярэдадні вечарам прыехала на рыбу. «Падчас начной непагадзі яны схаваліся пад дрэвам. Моцны вецер паваліў яго на плед, дзе знаходзіліся муж і жонка», — інфармуе СК.

Ратаўнікі дасталі пацярпелую без прытомнасьці, рэанімацыйныя захады не дапамаглі, мэдыкі канстатавалі сьмерць.


«У пэрыяд з 1:50 да 3:30 з прычыны праходжаньня навальнічнага фронту з парывамі ветру да 23 м/с на тэрыторыі Магілёва і Магілёўскага раёну пашкоджаныя дахі розных будынкаў, зафіксаваныя выпадкі падзеньня дрэваў», — заяўляе ведамства.

Наступствы шторму ў Магілёве. 10 ліпеня 2025 году

Паведамляюць аб аварыйным спыненьнпі двух паравых катлоў і турбагенэратараў на магілёўскай ЦЭЦ-2 праз адключэньне электразабесьпячэньня. У 05:45 праца ЦЭЦ была адноўленая.

«На тэрыторыі ААТ „Магілёўхімвалакно“ адбылося падзеньне мэталічнага коміна ўстаноўкі спальваньня адыходаў цэху. У выніку падзеньня пашкоджана сьцяна будынку корпусу падрыхтоўкі вады», — гаворыцца ў паведамленьні.

9 ліпеня МНС паведамляла, што навальнічны фронт з парывамі ветру да 23 мэтраў за сэкунду, які прайшоў па Віцебскай вобласьці з 17 да 18 гадзін, пашкодзіў 29 будынкаў у вёсцы Вархі Гарадоцкага раёну.

Паводле зьвестак Белгідрамэту, днём 10 ліпеня на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца навальніцы, месцамі моцныя залевы і шквалістае ўзмацненьне ветру парывамі 15–20 м/с. На ўсходзе краіны максымальная тэмпэратура паветра дасягне +30...+34°С. У Менску ўдзень чакаецца навальніца. Ведамства захавала аранжавы ўзровень небясьпекі гідрамэтэаралягічных зьяваў.

Наступствы шторму ў Магілёве. 10 ліпеня 2025

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Беларусь уначы зноў абрынулася непагадзь. Больш за сто паселішчаў засталіся безь сьвятла